Свабоду Ігару Чапігу!
09-09-2010 14:14
8 верасьня, у Дзень Беларускай Вайсковай Славы, у сябе дома быў затрыманы актывіст Правага Альянсу Ігар Чапіга. Падставаю для яго затрыманьня сталі абвінавачваньні ў датычнасьці да нядаўняй атакі кактэйлямі “молатава” ІЧУ па вул. Акрэсьціна.[/b]Падавалася, у інтэрнэце зьявіліся заявы аўтараў акцыі, падпісаныя анархістамі з руху “Сябры свабоды”, якія ўзялі на сябе адказнасьць і за падпал расейскай амбасады, і за напад на ІЧУ па завулку Акрэсьціна, не вядома толькі пры чым тут правы актывіст, які трымаецца супрацьлеглых палітычных поглядаў?!Няясна якой лёгікай кіравалася сьледзтва, высоўваючы абвінавачваньні Ігару ў падпале ІЧС, дзе знаходзіліся раней затрыманыя анархісты. Але факт застаецца фактам, раніцай 8 верасьня, дома ў альянсаўца прайшоў ператрус, а крыху пазьней допыт сьледчага, пасьля якога беларускага патрыёта зьмясьцілі пад варту, пакуль што на 3 сутак.
Узьнікаюць заканамерныя пытаньні: што гэта - асабістая помста Ігару, непрафэсіяналізм праваахоўнікаў, альбо адмысловы крок напярэдадні выбараў прэзыдэнта?
Разгледзім першую вэрсію. Мы маем факты, аб якіх нам казаў сам Ігар, што на яго неаднойчы выходзілі прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў, якія спрабавалі праз запалохваньні і пагрозы прымусіць яго да супрацы, апошні такі выпадак адбыўся пад час мінулых мясцовых выбараў, на якіх Ігар вылучаўся ў Менгарсавет.
Таму, верагодна, што такім чынам Ігару папросту адпомсьцілі за адмову, ды прадэманстравалі магчымасьці, якімі валодае беларускі рэпрэсіўны апарат.
Але, абставіны кажуць пра малаверагоднасьць падобнай вэрсіі. Варыянт другі – непрафэсіяналізм. Безумоўна, прасьцей за ўсё сьпісаць дадзены выпадак на так званы “хапун”, памылку сьледзтва ды неабазнанасьць ва ўнутрыпалітычнай кухні, дзе галоўным імпэратывам для міліцыянтаў зьяўляецца пападаньне ў стандартны партрэт “радыкала”. Тут, безумоўна, па унутрысыстэмнай градацыі ўлады - Ігар “адмарозак” і “радыкал”, бо ўдзельнічаў у выбарах на баку апазыцыі, не баяўся выступаць на акцыях, дыскутаваў у дэбатах, вёў агітацыйную працу ў сацыяльных сетках. Таму, затрыманьне Ігара ўпісваецца ў вэрсію “непрафэсіяналізму” праваахоўнікаў, для якіх грамадзянін Чапіга адназначна палітычна ненадзейны і небясьпечны элемэнт.
Варыянт мажлівы, але таксама малаверагодны, бо як адзначалася вышэй, Ігарам і раней цікавіліся спэцслужбы, якія цудоўна арыентаваліся хто ён і чым займаецца, таму вэрсія аб “хапуне без разбору” таксама адпадае.
Варыянт трэці – ціск напярэдадні выбараў прэзыдэнта. Вэрсія якая найбольш рэальна падыходзіць да дадзенай сытуацыі. Цалкам верагодна, што некаторая частка беларускіх уладаў, так званыя ястрабы з кола сілавікоў, пачынаюць зачысткі і акцыі запалохваньня, скарыстоўваючы дзеля гэтага падобныя нагоды. Тут адразу ўзгадваюцца выбухі 3 ліпеня 2008, якія напачатку спрабавалі сьпіхнуць на беларускіх нацыяналістаў з Белага Легіёну і Правага Альянсу, а пасьля папросту скарысталі для ўнутрыўладных разборак, і апраўданьня масавай дакталаскапіі. Наўрад ці затрыманьне Чапігі, было санкцыянавана асабіста кіраўніком дзяржавы, але гэта сытуацыя паказвае тэндэнцыі, па якіх можна меркаваць, што ўлады і надалей будуць скарыстоўваць падобныя сытуацыі для сваіх мэтаў.
У любым выпадку, якая б з вышэй пералічаных вэрсіяў не была бы асноўнай, мы перакананы ў невінаватасьці нашага паплечніка і будзем усімі сродкамі змагацца за яго вызваленьне.
Свабоду Ігару Чапігу!
Правы Альянс


